ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ ДЗЯРЖА́ЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭ́ЦЕ БЕЛАРУ́СКАЙ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,
акт урачыстага абвяшчэння суверэнітэту Беларусі. Прынята Вярх. Саветам БССР 27.7.1990. 25.8.1991 Дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закону. Складаецца з прэамбулы і артыкулаў. Беларусь абвешчана суверэннай дзяржавай, усталяванай на аснове права бел. нацыі на самавызначэнне, дзяржаўнасці бел. мовы, вяршэнства народа як носьбіта і адзінай крыніцы дзярж. улады. Мэты дзярж. суверэнітэту: свабоднае развіццё і дабрабыт, забеспячэнне правоў асобы, ператварэнне сваёй тэрыторыі ў бяз’ядзерную зону, а Беларусі ў нейтральную дзяржаву. Вызначэнне суверэнітэту абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветр. прастору, нац., культ. і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)